31 ліпеня (серада) 2024 года ў 17.30 у мастацкай галерэі ДУ «Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці» мае адбыцца адкрыццё выстаўкі «Посцілкі +».
У межах праекту «Традыцыі і сучаснасць», прымеркаванага да 85-годдзя дзяржаўнай установы “Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці” у мастацкай галерэі «Цэнтр» арганізавана выстаўка «Посцілкі +». У экспазіцыю ўвайшлі вытканыя беларускімі майстрыхамі посцілкі і творы сучасных мастакоў, якія натхніліся традыцыйным беларускім ткацтвам.
Посцілкі магчыма разглядаць як універсальны інструмент па стварэнню прыгожай і ўтульная прасторы хаты, а таксама як унікальную «капсулу», што захоўвае традыцыйныя веды і яднае пакаленні. Гэты від мастацкіх тканін становіцца найбольш папулярным у пасляваенны час — у 1950-1960-я гг. Посцілкі былі важнай часткай вясельнага пасагу, іх засцілалі на ложкі і канапы, лавы і куфры, ужывалі ў выглядзе абрусу на святы, а таксама ў якасці спецыяльнага рэпрэзентатыўнага «фону» для фотаздымкаў.
У канцэпцыю выстаўкі не ўваходзяць «музейныя» мэты па ўсебаковаму адлюстраванню з’явы, а ляжыць ідэя паказаць унікальнасць і актуальнасць посцілак, як у справе захавання і перадачы традыцый і рамяства, так і ў якасці невычэрпнай крыніцы натхнення.
Аснову выстаўкі склалі посцілкі 1950-1970-х гг. з калекцыі Вілейскага краязнаўчага музея, Раённага Цэнтра ткацтва а.г. Семежава, фондаў народнага калектыву «Майстры Ігуменшчыны» Чэрвеньскага раённага цэнтра культуры і адпачынку. Акрамя гэтага глядач зможа ўбачыць посцілкі сучаснага Народнага майстра Рэспублікі Беларусь — Таццяны Волкавай, вытканыя ўжо ў 2000-х гг.
Адмыслова для праекта мастачка па тэкстылю Наталія Філіпенка і мастак па металу Яўген Рыжоў стварылі калекцыю брошак у аўтарскай тэхніцы з арнаментамі перанятымі з канкрэтных экспанатаў Вілейскага краязнаўчага музея. Міла Землякова, натхняючыся беларускай прыродай і традыцыямі, стварае тэкстыльныя скульптуры таксама ў арыгінальнай аўтарскай тэхніцы, на выставе гледачоў будзе сустракаць яе заяц Васіль. Мастак Андрэй Карпянкоў пакажа жывапісныя палотны з двух серый. «Тканіна жыцця» — гэта філасофскія разважанні аўтара аб лёсе чалавека. Другі цыкл спалучае дэкаратыўнасць і яркасць арнаментаў з народных тканых посцілак і рэалістычнасць фрагментаў беларускіх краявідаў, адсылаючы да вобразаў часу дзяцінства «ў бабулі на вёсцы».
Экспазіцыю зала дапаўняюць фотаздымкі сярэдзіны ХХ ст. з беларускімі вяскоўцамі на фоне посцілак. Партрэтныя і сямейныя здымкі на фоне посцілак, дэманструюць ідэю непарыўнасці роду і даюць магчымасць сучаснаму гледачу перанесціся ў мінулы час. Непасрэдна датыкнуцца да гэтай спецыфічнай культурнай з’явы дапаможа арганізаваная для наведвальнікаў адмысловая фотазона з фонам-посцілкай.
Падчас працы выстаўкі пройдуць куратарскія агляды выставы, а таксама лекцыі, майстар-класы, конкурсы, працуе фотазона.
Выстава працуе з 31 ліпеня па 15 верасня 2024 г.